Галоўная / Навіны
23.06.2023

ВЫЙШАЎ ЧЭРВЕНЬСКІ НУМАР ЧАСОПІСА “АХОВА ПРАЦЫ І САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА”

Адкрывае чэрвеньскі нумар часопіса матэрыял аб прамой лініі, якая прайшла ў рэдакцыі напярэдадні Сусветнага дня аховы працы. На пытанні, звязаныя з арганізацыяй работы па ахове працы, адказалі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

Аб тым, якія задачы ўдалося вырашыць з моманту стварэння Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і якія мэты стаяць перад ведамствам сёння, чытачы могуць даведацца з артыкула “Акцэнт на прафілактыку”, пдрыхтаванага па выніках работы рэспубліканскай практычнай канферэнцыі “30 гадоў на абароне чалавека працы. Прафілактыка парушэнняў заканадаўства аб працы і аб ахове працы”.

З асаблівасцямі атэстацыі рабочых месцаў пры апрацоўцы натуральнага каменя, якая характарызуецца стварэннем шэрагу шкодных вытворчых фактараў, спецыялістаў знаёміць начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы і аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама А.М.Кавалёва.

Як выключыць рызыкі вытворчага траўматызму ў сельскагаспадарчых арганізацыях, дзе выкарыстоўваецца нямала транспартных сродкаў і механізмаў, расказвае юрыст А.І.Штэйнер.

Аб забеспячэнні бяспекі пры будаўніцтве і эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў ідзе гаворка ў артыкуле “Да чаго прыводзяць парушэнні”, падрыхтаваным Магілёўскім абласным упраўленнем Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

Вопытам стварэння здаровых і бяспечных рабочых месцаў і прафілактыкі вытворчага траўматызму на старонках часопіса падзяліліся кіраўнікі ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод” – прадпрыемства, якое прызнана адным з лепшых у галіне аховы працы на Гродзеншчыне.

Тксама ў нумары – матэрыялы аб новых правілах па ахове працы пры выкананні работ на аб’ектах радыёсувязі і аб тым, у якіх сітуацыях неабходна актуалізацыя сістэм кіравання аховай працы.

Акрамя таго, увазе чытачоў прапануецца прыкладны варыянт пажарна-тэхнічнага мінімуму для кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання і Прыкладнае палажэнне аб вытворчым кантролі ў галіне прамысловай бяспекі.

А на пытанне, як работнікам пазбегнуць такога спецыфічнага, але небяспечнага захворвання, як гемарой, адказвае прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра аховы працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Т.М.Сушынская.

У дадатку да часопіса друкуецца пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2023 г. № 7/3 “Аб зацвярджэнні Правілаў па ахове працы пры выкананні работ на аб’ектах радыёсувязі”.