ВЫЙШАЎ ЧЭРВЕНЬСКІ НУМАР ЧАСОПІСА “АХОВА ПРАЦЫ І САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА”
Адкрывае чэрвеньскі нумар часопіса матэрыял аб прамой лініі, якая прайшла ў
рэдакцыі напярэдадні Сусветнага дня аховы працы. На пытанні, звязаныя з
арганізацыяй работы па ахове працы, адказалі прадстаўнікі Міністэрства працы і
сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама Дэпартамента дзяржаўнай
інспекцыі працы.
Аб тым, якія задачы ўдалося вырашыць з моманту стварэння Дэпартамента
дзяржаўнай інспекцыі працы і якія мэты стаяць перад ведамствам сёння, чытачы
могуць даведацца з артыкула “Акцэнт на прафілактыку”, пдрыхтаванага па выніках работы
рэспубліканскай практычнай канферэнцыі “30 гадоў на абароне чалавека працы.
Прафілактыка парушэнняў заканадаўства аб працы і аб ахове працы”.
З асаблівасцямі атэстацыі рабочых месцаў пры апрацоўцы натуральнага каменя,
якая характарызуецца стварэннем шэрагу шкодных вытворчых фактараў, спецыялістаў
знаёміць начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы і аховы працы
камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама А.М.Кавалёва.
Як выключыць рызыкі вытворчага траўматызму ў сельскагаспадарчых арганізацыях,
дзе выкарыстоўваецца нямала транспартных сродкаў і механізмаў, расказвае юрыст
А.І.Штэйнер.
Аб забеспячэнні бяспекі пры будаўніцтве і эксплуатацыі будынкаў і
збудаванняў ідзе гаворка ў артыкуле “Да чаго прыводзяць парушэнні”, падрыхтаваным
Магілёўскім абласным упраўленнем Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.
Вопытам стварэння здаровых і бяспечных рабочых месцаў і прафілактыкі
вытворчага траўматызму на старонках часопіса падзяліліся кіраўнікі ААТ “Рагозніцкі
крухмальны завод” – прадпрыемства, якое прызнана адным з лепшых у галіне
аховы працы на Гродзеншчыне.
Тксама ў нумары – матэрыялы аб новых правілах па
ахове працы пры выкананні работ на аб’ектах радыёсувязі і аб тым, у якіх сітуацыях
неабходна актуалізацыя сістэм кіравання аховай працы.
Акрамя таго, увазе чытачоў прапануецца прыкладны варыянт пажарна-тэхнічнага
мінімуму для кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання і Прыкладнае палажэнне аб
вытворчым кантролі ў галіне прамысловай бяспекі.
А на пытанне, як работнікам пазбегнуць такога спецыфічнага, але
небяспечнага захворвання, як гемарой, адказвае прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра
аховы працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Т.М.Сушынская.
У дадатку да часопіса друкуецца пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай
абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі
Беларусь ад 14 лютага 2023 г. № 7/3 “Аб зацвярджэнні Правілаў па
ахове працы пры выкананні работ на аб’ектах радыёсувязі”.