Главная - Прямые линии - Даведка ўрача. А затым — сацыяльны работнік

  

Даведка ўрача. А затым — сацыяльны работнік

Газета «Звязда».

Не сакрэт, што ў цяжкай сітуацыі можа апынуцца кожны, таму тэма сацыяльнай падтрымкі застаецца актуальнай заўсёды. І яшчэ раз пераканацца ў гэтым давялося падчас нашай "прамой лініі" з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. На якія льготы можа разлічваць сям'я з дзіцем-інвалідам, у якіх выпадках аказваецца адрасная сацыяльная дапамога і даецца бясплатнае харчаванне малым дзецям, каму павінны былі рабіцца выплаты з нагоды юбілею Перамогі і што ўключаецца ў заробак пры разліку індывідуальнага каэфіцыента для прызначэння пенсій? Такім чынам, на гэтыя і іншыя пытанні чытачоў "Звязды" адказваюць начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Іван Пятровіч НАГІБІН, намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Рыта Валянцінаўна СУШКО, кансультант аддзела развіцця і каардынацыі сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Яніна Станіславаўна ЛАДЫШАВА і галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Ірына Анатольеўна ДЗЯГА.

— Патлумачце, на якія льготы і выплаты можа разлічваць сям'я, што мае дзіця-інваліда 8 гадоў з другой ступенню страты здароўя?

Валянціна Мікалаеўна, Бабруйскі раён.

Паводле заканадаўства, сем'і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, могуць разлічваць на некалькі відаў выплат. Па-першае, гаворка пра сацыяльную пенсію на дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Падобная пенсія прызначаецца і выплачваецца штомесяц у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў памеры 60 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму пры першай, у памеры 65 працэнтаў БПМ — пры другой, 75 працэнтаў БПМ — пры трэцяй і 85 працэнтаў БПМ — пры чацвёртай ступені страты здароўя. У прыватнасці, з 1 мая памеры гэтых пенсій складаюць адпаведна 146 140, 158 320, 182 680 і 207 030 рублёў.

Па-другое, у пэўных варунках такія сем'і атрымліваюць права на дапамогу па доглядзе дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у памеры 65 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму (з 1 мая — 158 320 рублёў). Такая дапамога прызначаецца і выплачваецца штомесяц у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны маці, бацьку, апекуну, папячыцелю ці іншай асобе, якая фактычна здзяйсняе догляд дзіця-інваліда і пры гэтым не працуе і не атрымлівае пенсіі.

Па-трэцяе, нялішне заўважыць, што сем'ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, дапамога на дзіця ва ўзросце больш за 3 гады выплачваецца з 40-працэнтнай надбаўкай. Падобная дапамога прызначаецца па месцы працы ці навучання маці (а калі маці не працуе і не вучыцца, то па месцы працы бацькі) незалежна ад ступені страты здароўя і атрымання іншых сацыяльных выплат, тых жа пенсіі па інваліднасці ці дапамогі па догляду дзіця-інваліда. Прычым варта звярнуць увагу: дапамога на дзяцей ва ўзросце больш за 3 гады тут прызначаецца на ўсіх дзяцей у сям'і без уліку сукупнага даходу за мінулы год пры ўмове занятасці бацькі ў поўнай або адзінага з бацькоў у няпоўнай сям'і. Іншымі словамі, дапамога на дзяцей ва ўзросце звыш 3 гадоў не прызначаецца, калі бацька ў поўнай або адзіны з працаздольных бацькоў у няпоўнай сям'і не працуе ў момант звароту і не працаваў больш за 6 месяцаў (атрымліваў дапамогу па беспрацоўі менш за 26 каляндарных тыдняў) у папярэднім перад зваротам годзе.

Далей. Бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, атрымліваюць стандартны падатковы вылік — у памеры 150 тысяч рублёў у месяц на кожнае дзіця. Пэўныя гарантыі вызначае і працоўнае заканадаўства. Так, паводле 265-га артыкула Працоўнага кодэкса, маці ці бацьку, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, на падставе заявы штомесяц даецца адзін дадатковы свабодны ад працы дзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Таксама маці (бацьку), якая выхоўвае дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, даецца адзін свабодны ад працы дзень у тыдзень з аплатай ў памеры сярэдняга дзённага заробку ў парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца Саветам Міністраў.

З бацькоў, якія маюць дзяцей-інвалідаў, не бярэцца плата за харчаванне, дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў павінны атрымліваць бясплатныя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі.

Дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў маюць права на бясплатнае забеспячэнне лекамі, што выдаюцца на падставе рэцэптаў урача ў межах пераліку асноўных лекавых сродкаў у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў.

Дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў маюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў) або на аздараўленне (пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў). Пры гэтым асобы, што суправаджаюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў у санаторна-курортныя ці аздараўленчыя арганізацыі, забяспечваюцца пуцёўкамі (без лячэння) бясплатна — пры ўмове, што неабходнасць такога суправаджэння пацвярджаецца заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя.

І нарэшце, таксама важны момант. Дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама асоба, якая іх суправаджае, маюць права на бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога і прыгараднага пасажырскага транспарту (апроч таксі) незалежна ад месца жыхарства, а ў выпадку пражывання ў сельскай мясцовасці — таксама на аўтатранспарце агульнага карыстання рэгулярных міжгародніх зносінаў у межах свайго адміністрацыйнага раёна.

— Адкажыце, калі ласка, ці маем мы права на бясплатнае харчаванне дзіцяці ва ўзросце да двух гадоў? Муж пасля заканчэння ВНУ працуе па размеркаванні — з заробкам каля 400 тысяч рублёў. Я знаходжуся ў "дэкрэтным" і атрымліваю толькі дапамогу на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў.

Вікторыя Алегаўна, г. Гомель.

— Права на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця маюць сем'і, у якіх сярэднедушавы даход у месяц не перавышае адзнакі бюджэту пражытковага мінімуму. Прычым зноў жа з 1 мая БПМ адпавядае 266 230 рублям.

Узровень сярэднедушавога даходу разлічваецца за 6 месяцаў, якія папярэднічаюць звароту. Пры гэтым заява на бясплатнае харчаванне падаецца адным з бацькоў у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

— Ці ўваходзіць у абавязкі сацыяльнага работніка дапамога па апрацоўцы прысядзібнага ўчастка для жыхароў "прыватнага сектара" ў горадзе? І пра якую колькасць сотак зямлі тут можа ісці размова?

Антаніна Фёдараўна, г. Мінск.

— Пералікам бясплатных і агульнадаступных паслуг апрацоўка прысядзібных участкаў не прадугледжваецца. Інакш кажучы, чалавек, які знаходзіцца на надомным абслугоўванні, патрабаваць ад сацыяльнага работніка працаваць на сваім агародзе не можа. Разам з тым, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва некаторых рэгіёнаў апрацоўкай прысядзібных участкаў сапраўды займаюцца — на ўмовах дадатковай аплаты.

— Мой ужо дарослы сын пасля хваробы застаўся інвалідам. Летась сын змог атрымаць пуцёўку ў санаторый, аднак сёлета тут узніклі праблемы. Чаму? Па-другое: ці можа хто-небудзь аказаць дапамогу нашай сям'і? І па-трэцяе. Як аформіць сына ў дом-інтэрнат, калі са мной што-небудзь здарыцца?

Ніна Пятроўна, Валожынскі раён.

— Паводле заканадаўства, пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў да санаторна-курортнага лячэння бясплатная пуцёўка інвалідам І і ІІ групы варта выдавацца не больш чым раз у два гады. Такім чынам, калі бясплатная пуцёўка выдавалася летась, то сёлета наведаць санаторый можна толькі за ўласныя грошы. Дарэчы, можна заўважыць: продажам пуцёвак займаюцца непасрэдна здраўніцы.

Што да матэрыяльнай падтрымкі. Калі па ўзроўні даходаў прэтэндаваць на адрасную сацыяльную дапамогу нельга, то застаецца другі шлях — дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Пры наяўнасці па-сапраўднаму цяжкай сітуацыі дапамога са сродкаў сацыяльнага страхавання можа выплачвацца адзін раз на працягу года.

І наконт трэцяга пытання. Калі сын застанецца адзін, то ў дом-інтэрнат яго аформяць. Ніякіх праблем тут узнікнуць не павінна.

— Мая маці жыве адна, з'яўляецца інвалідам ІІІ групы і атрымлівае невялікую пенсію — крыху больш чым 300 тысяч рублёў. Ці можна ў такім выпадку разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу?

Зоя Аляксандраўна, Слонімскі раён.

— Штомесячная адрасная сацыяльная дапамога прызначаецца ў выпадку, калі даход чалавека ў месяц не перавышае адзнакі бюджэту пражытковага мінімуму, які складае на сёння 266 230 рублёў. З улікам таго, што пенсія вашай маці ўсё ж вышэйшая, разлічваць на штомесячную адрасную падтрымку яна не можа.

Разам з тым, калі маці апынулася ў па-сапраўднаму цяжкім матэрыяльным становішчы, яна можа звярнуцца ў раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і напісаць заяву на аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу. Аднаразовую дапамогу можна атрымаць пры даходзе менш за 150 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму (на сёння — менш за 399 345 рублёў у месяц), прычым сам памер аднаразовай дапамогі, у залежнасці ад сітуацыі, можа складаць да 500 працэнтаў БПМ.

Апроч таго, у выпадку цяжкага матэрыяльнага становішча ці неабходнасці значных выдаткаў (скажам, на набыццё паліва да зімы, набыццё дарагіх лекаў і г.д.) у тое ж упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны маці зноў жа можа падаць заяву на атрыманне дапамогі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

— Ці можа разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу сям'я, ва ўласнасці якой, апроч гарадской кватэры, ёсць стары дом у вёсцы, што дастаўся ў спадчыну ад бацькоў?

Святлана Казіміраўна, г. Гродна.

— Сям'я, якая мае ва ўласнасці больш чым адно жылое памяшканне, разлічваць на атрыманне штомесячнай адраснай сацыяльнай дапамогі не можа. Прычым незалежна ад таго, дзе знаходзіцца другое жылое памяшканне, які яго "ўзрост" і стан.

У той жа час пры наяўнасці ва ўласнасці больш чым аднаго жылога памяшкання ёсць магчымасць звярнуцца па аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу. Пры нізкім даходзе (менш чым 399 345 рублёў на чалавека ў месяц) і ўзнікнення па-сапраўднаму цяжкай сітуацыі такую дапамогу могуць прызначыць.

— Наша старэйшая дачка навучаецца ў Мінску, мае там часовую "прапіску". Ці ўлічваецца дачка ў складзе сям'і пры прызначэнні адраснай дапамогі?

Таццяна Сцяпанаўна, Слуцкі раён.

— Пры ўмове навучання на дзённай форме дачка ў складзе вашай сям'і ўлічвацца будзе. За выключэннем выпадку, калі дачка ўжо стварыла сваю сям'ю. Чатыры месяцы таму мы пераехалі на пастаяннае месца жыхарства з Украіны, пакуль уладкаваўся толькі муж, аднак з улікам яго заробку на кожнага чалавека ў нашай сям'і прыпадае каля 300 тыс. рублёў. Наколькі магчыма ў такім выпадку атрыманне адраснай дапамогі або якой-небудзь іншай матэрыяльнай падтрымкі?

Алена Пятроўна, г. Гомель.

— Калі ўзніклі рэальныя матэрыяльныя праблемы, то, з улікам перавышэння даходу "планкі" бюджэту пражытковага мінімуму, можна паспрабаваць звярнуцца па аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу. Аднак нялішне нагадаць, што адна з умоў аказання адраснай дапамогі — самастойныя намаганні сям'і па павышэнні ўзроўню ўласнага даходу. Інакш кажучы, Алена Пятроўна, у выпадку праблем з працаўладкаваннем вы павінны знаходзіцца на ўліку ў службе занятасці насельніцтва.

— Якім чынам можна аформіць надомнае сацыяльнае абслугоўванне?

Мікалай Сямёнавіч, г. Мінск.

— У гэтым выпадку неабходна пачынаць з наведвання медыкаў — яны павінны даць заключэнне, што вы маеце патрэбу ў надомным абслугоўванні і што да такога абслугоўвання няма супрацьпаказанняў. А крок другі — зварот у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства. У цэнтры за вамі "замацуюць" сацыяльнага работніка і там жа можна абгаварыць умовы, на якіх гэты работнік будзе прыходзіць да вас.

— Завуць мяне Алена Іванаўна, тэлефаную з Мінска. А пытанне такое: чаму на надомнае абслугоўванне прымаюцца пенсіянеры, якія маюць працаздольных дзяцей, і прычым аплата за такое абслугоўванне аказваецца ці не ўтрая меншай за рэальныя бюджэтныя выдаткі?

— У выпадку патрэбы на надомнае абслугоўванне могуць прымацца пенсіянеры і інваліды незалежна ад наяўнасці працаздольных дзяцей. Прычым мы лічым такі падыход правільным: у рэшце рэшт, дзеці могуць жыць далёка ды і, кажучы шчыра, гэтыя дзеці могуць ставіцца да сваіх бацькоў па-рознаму. Да слова, тут жа варта заўважыць: наяўнасць працаздольных дзяцей напрамую ўплывае на памер аплаты за паслугі сацыяльнага работніка.

— Якім чынам інвалід І групы можа атрымаць каляску-хадулі?

Аляксандр Анатольевіч Барэйка, Навагрудскі раён.

— Калі выдача хадункоў з тармазамі прадугледжана праграмай вашай індывідуальнай рэабілітацыі, якую складае медыка-рэабілітацыйная экспертная або ўрачэбна-кансультацыйная камісія, то атрымаць гэты сродак можна бясплатна — за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Прычым для гэтага заключэнне медыкаў неабходна падаць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

Зрэшты, атрымаць неабходныя вам хадункі з тармазнымі калодкамі можна і на ўмовах аплаты. Калі вы лічыце такі варыянт для сябе прымальным, то можаце звярнуцца непасрэдна ў Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр. Ён знаходзіцца ў Мінску па адрасе вул. Адоеўскага, 10-А.

— Патлумачце, калі ласка, ці павінен працаваць няпоўны працоўны дзень інвалід ІІІ групы?

Сяргей Андрэевіч Путраш, г. Баранавічы.

— Паводле 141-га артыкула Працоўнага кодэкса, інвалідам І і ІІ груп павінна вызначацца скарочаная працягласць працоўнага часу — не больш за 35 гадзін у тыдзень. Што да інвалідаў ІІІ групы, то для іх скарочаная працягласць працоўнага часу заканадаўствам не прадугледжаная.

Разам з тым, варта заўважыць: наймальнік абавязаны вызначыць няпоўны працоўны дзень або няпоўны працоўны тыдзень інваліду ІІІ групы, калі такі запіс ёсць у індывідуальнай праграме рэабілітацыі. У сваю ж чаргу індывідуальная праграма рэабілітацыі выдаецца інваліду медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй.

— Ці можа інвалід І групы, які амаль не ўстае з ложка, разлічваць на атрыманне памперсаў для дарослых?

Вольга Васільеўна, г. Мінск.

— Дзяржаўным рэестрам (пералікам) тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, якія выдаюцца бясплатна або на льготных умовах, памперсы для інвалідаў І групы не прадугледжаныя. Аднак мы згодныя — у гэтым выпадку праблема ёсць. Летась Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам фінансаў, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам прапрацоўвала пытанне аб уключэнні памперсаў у Дзяржаўны рэестр, але, на жаль, канчатковага рашэння тут прынята не было. Тым не менш мы перакананыя: па меры паляпшэння фінансава-эканамічнага становішча ў краіне да гэтай тэмы неабходна вяртацца.

Пакуль жа для вырашэння пытання з забеспячэннем інвалідаў памперсамі па лініі гуманітарнай дапамогі варта параіць звярнуцца ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, грамадскія аб'яднанні і таварыствы інвалідаў, іх абласныя, гарадскія і раённыя арганізацыі. Ёсць і другі варыянт — звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з заявай на аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі (пры ўмове нізкага даходу) або матэрыяльнай дапамогі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У выпадку станоўчага рашэння гэтыя дапамогі можна выкарыстаць на набыццё тых жа памперсаў.

— Ці магу я аформіць апякунства над трыма дзецьмі-інвалідамі з дзяцінства, якія маюць ІІ групу інваліднасці і ўзрост 40, 35 і 33 гады?

Генавефа Мацвееўна, Ваўкавыскі раён.

— Аформіць апякунства над сваімі дзецьмі вы можаце. Аднак у гэтым выпадку ёсць некаторыя ўмовы, і адна з іх — прызнанне вашых дарослых дзяцей недзеяздольнымі судом. Дарэчы, Генавефа Мацвееўна, варта заўважыць і яшчэ адну акалічнасць: разлічваць на афармленне дапамогі на догляд дзяцей у гэтым выпадку нельга. Такая дапамога можа быць прызначана толькі пры доглядзе інваліда І групы або састарэлага ва ўзросце больш за 80 гадоў.

— Хацелася б пачуць адказ: хто з былых вязняў павінен быў атрымаць выплату да юбілею Перамогі? І ці павінна была атрымаць такую выплату мая маці, якая з'яўлялася поўнагадовым вязнем і якой цяпер 90 гадоў?

Анатоль Іванавіч, г. Бабруйск.

— Выплаты да юбілею Перамогі рабіліся былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета, а таксама былым няпоўнагадовым вязням іншых месцаў прымусовага ўтрымання падчас вайны. Адпаведна, гэтыя выплаты рабіліся не ўсім, у прыватнасці, іх не атрымлівалі поўнагадовыя вязні, якія працавалі без лагернага ўтрымання, — на прадпрыемствах ці ў баўэраў, у рабочых калонах і г.д.

— У мяне некалькі пытанняў. Па-першае, якія дакументы трэба збіраць будучаму пенсіянеру? Па-другое, навошта працоўная кніжка, калі некаторыя запісы ў ёй, напрыклад, аб службе ў войску, неабходна пацвярджаць дадаткова? І па-трэцяе. Што рабіць, калі ранейшай арганізацыі не існуе або яна змяніла напрамак дзейнасці? І што будзе ў выпадку, калі адным з месцаў працы была прыватная фірма, якая, напэўна, мае ўжо дзясятага гаспадара?

Геральд Адамейка.

— Для прызначэння пенсіі неабходныя працоўная кніжка, дакументы аб ранейшых заробках (напрыклад, сёлета індывідуальны каэфіцыент разлічваецца за любыя 16 гадоў запар з 26 апошніх гадоў працы), пашпарт, а магчыма і іншыя паперы — скажам, вайсковы білет, пацвярджэнне работы ў шкодных умовах ці пасведчанні аб нараджэнні дзяцей. Прычым у кожным канкрэтным выпадку пакет дакументаў можа быць розны, таму перад выхадам на пенсію тут нялішне звярнуцца па кансультацыю ў аддзел кадраў сваёй арганізацыі або ў раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. І тут жа варта заўважыць: збіраць "паперы на пенсію" самастойна неабходна толькі ў выпадку, калі цяпер чалавек не працуе. Калі ж будучы пенсіянер працуе, то заняцца зборам абавязаны яго працадаўца.

Цяпер наконт працоўнай кніжкі. Яна пацвярджае не толькі перыяды працы — апроч таго, у кніжцы ёсць звесткі пра навучанне і тэрміновую службу. Аднак гэтыя звесткі далёка не заўсёды ўносяцца правільна. Скажам, у кніжцы можа быць нумар вайсковага білета, але адсутнічаць даты знаходжання ў арміі. Або наадварот. Таму сапраўды: раз-пораз для пацвярджэння той жа службы неабходна прадстаўленне вайсковага білета або даведкі з ваенкамата.

І наконт арганізацый, якія спынілі існаванне ці змянілі ўласніка. У такім разе шукаць дакументы аб працы неабходна ў правапераймальніка ці ў архіве.

— Завуць мяне Анатоль, а хацелася б разабрацца з наступным: ці ўплываюць на памер пенсій лаўрэацкія прэміі і ганарары?

— Сітуацыя тут такая. Калі з прэмій, ганарараў і іншых выплат у адпаведнасці з заканадаўствам рабіліся адлічэнні на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, то пры разліку індывідуальнага каэфіцыента яны ўлічвацца павінны. Зрэшты, каб разабрацца ў кожным канкрэтным выпадку, лепш за ўсё звярнуцца ў раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.


Последние новости
29.11.2016
28 ноября 2016 г. в ходе визита Президента Республики Беларусь А.Г. Лукашенко в Азербайджанскую Республику подписано Соглашение о применении Соглашения между Правительством Республики Беларусь и Правительством Азербайджанской Республики о сотрудничестве в области пенсионного обеспечения от 21 ноября 2013 года между Министерством труда и социальной защиты Республики Беларусь и Министерством труда и социальной защиты населения Азербайджанской Республики (далее – Административное соглашение).

Административное соглашение разработано во исполнение статей 12 и 13 Соглашения между Правительством Республики Беларусь и Правительством Азербайджанской Республики о сотрудничестве в области пенсионного обеспечения от 21 ноября 2013 года (далее - Основное Соглашение). Основное Соглашение регулирует вопросы пенсионного обеспечения граждан Республики Беларусь и граждан Азербайджанской Республики, проживающих на территории указанных государств. Согласно статье 8 Основного Соглашения каждое государство назначает (исчисляет) трудовую пенсию в соответствии со свои законодательством за стаж работы (страховой стаж) после 31 декабря 1991 г., приобретенный на его территории, и выплачивает ее по месту жительства гражданина. За периоды стажа работы (страхового стажа) по 31 декабря 1991 г., приобретенного на территории государств бывшего СССР, трудовую пенсию назначает (исчисляет) и выплачивает государство, на территории которой проживает гражданин в момент обращения за пенсией.
...