Главная - Служебный - Республиканский конкурс «Семья года» - Семья Евтух, Минская область

СЯМ’Я ЕЎТУХ

Мінская вобласць, г.Нясвіж

“Мой дом – мая крэпаць”



Каханне ўзносіць да нябёсаў, дорыць сям’ю, нараджае жыццё. Менавіта яно аб’яднала ў адно непарушнае цэлае двух несвіжан – Ігара Іванавіча і Святлану Пятроўну Еўтух. Зараз яны выхоўваюць траіх дзяцей і жывуць пад дэвізам “Мой дом – мая крэпаць”. З самага малога ўзросту бацькі прывучаюць дзяцей усведамляць, што галоўнае ў сям’і – любоў, добразычлівасць, давер. Самі яны добра памятаюць і шчыра шануюць сямейныя ўстоі папярэдніх пакаленняў.

У выхаванне кожнага дзіцяці Ігар Іванавіч і Святлана Пятроўна ўкладваюць душу, не шкадуючы для гэтага ні часу, ні сіл, а ад вынікаў атрымліваюць вялікае маральнае задавальненне.

Сыны Данііл і Міраслаў вучацца ў Нясвіжскай гімназіі. Данііл займаецца дзюдо, захапляецца танцамі, прымае ўдзел у розных гімназічных конкурсах. Міраслаў спявае ў школьным хоры, захапляецца спартыўнымі гульнямі, займаецца цестапластыкай. Маленькая Саша ходзіць у дзіцячы сад і больш за ўсё любіць маляваць, а яшчэ яна цікавіцца ўсім, чым займаецца маці на кухні, ва ўласным агародзе. Разам яны займаюцца рукадзеллем.

Святлана Пятроўна і Ігар Іванавіч адзначаюць, што ўсе святы яны праводзяць у сямейным коле, задуваючы свечкі на імянінным пірагу, загадваючы запаветныя жаданні і атрымліваючы падарункі адзін ад аднаго. Каляды, Масленіца, 8 Сакавіка, Дзень абаронцы Айчыны, Дзень ведаў і Дзень Святога Валянціна праходзяць дружна і весела. Асаблівая атмасфера ў доме на Вялікдзень. А на Вадохрышча Ігар Іванавіч і Святлана Пятроўна традыцыйна акунаюцца ў палонцы, што ў сыноў выклікае асаблівы гонар за бацькоў. У гэтым годзе да іх далучыўся і старэйшы сын Данііл.

Ігар і Святлана заўсёды стараюцца парадаваць дзяцей – арганізоўваюць касцюміраваныя прадстаўленні, збіраюцца ў выхадныя за вялікім сталом, каб пачаставацца хатняй выпечкай, а падчас пасядзелак на канапе праводзяць турніры па шахматах, конкурсы па складанні пазлаў, робяць палаткі з коўдраў пасярод пакоя і “партызаняць” там з ліхтарыкам.

Сям’я шмат часу праводзіць на свежым паветры. Побач з домам гаспадар абсталяваў не толькі гараж і баню, але і арэлі з дзіцячай горкай, устанавіў вялікі батут. На вуліцы дзеці з бацькам наладжваюць спартыўныя спаборніцтвы, гуляюць з мячом. Знаходзіць сям’я час на наведванне басейна, боўлінга, катання на скейце.

Усім падабаецца разглядаць маміны фотаздымкі, якімі яна захапляецца ўжо даўно. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць сямейныя рэліквіі, пра якія з заміраннем расказваюць маці з бацькам, успамінаючы прабабуль і прадзядуль. Як уласныя сямейныя каштоўнасці Святлана з Ігарам захоўваюць свае школьныя выпускныя стужкі, раддомаўскія бірачкі дзяцей, сарочкі, у якіх хрысцілі іх саміх, а потым іх дзетак.

Улетку Еўтухі едуць да мора. Вандраваць усім разам так здорава! І краіны іншыя можна паглядзець – Іспанію, Балгарыю, Украіну, Польшчу, Расію. А кожныя школьныя канікулы яны арганізоўваюць экскурсіі па роднай Беларусі.

Вечарамі дружная сям’я збіраецца за кубкам гарбаты, кожны дзеліцца ўражаннямі аб пражытым дні. А пасля пры яскравым святле “начніка” Святлана Пятроўна, абыходзячы дзіцячыя ложкі, жадае сваім дзецям добрай ночы.

Последние новости