Галоўная - Працоўныя адносіны - Рэгуляванне працоўных адносін - Утрыманні з заработнай платы
У адпаведнасці з артыкулам 107 ПК утрыманні з заработнай платы могуць рабіцца толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

Утрыманні з заработнай платы работнікаў для пагашэння іх запазычанасці наймальніку могуць праводзіцца па распараджэнні наймальніка:

1) для вяртання авансу, выдадзенага ў якасці заработнай платы; для вяртання сум, залішне выплачаных з прычыны падліковых памылак; для пагашэння нявыкарыстанага і своечасова нявернутага авансу, выдадзенага на службовую камандзіроўку ці перавод у іншую мясцовасць, на гаспадарчыя патрэбы, калі работнік не аспрэчвае падставы і памер утрымання. У дадзеных выпадках наймальнік мае права зрабіць распараджэнне аб утрыманні не пазней аднаго месяца са дня заканчэння тэрміну, устаноўленага для вяртання авансу, пагашэння запазычанасці, або з дня няправільна вылічанай выплаты;

2) пры звальненні работніка да заканчэння таго рабочага года, у лiк якога ён ужо атрымаў працоўны водпуск, за неадпрацаваныя дні водпуску. Утрыманні за дадзеныя днi не ажыццяўляюцца, калi работнiк звальняецца па падставах, названых у п.п. 2, 4 і 5 ч. 2 арт. 35, арт. 37, п.п. 1, 2 і 6 арт. 42, п.п. 1, 2 і 6 арт. 44 ПК, па жаданні работніка ў сувязі з атрыманнем адукацыі па кірунку наймальніка або выхадам на пенсію, а таксама калі пры звальненні работніку не налічваюцца якія-небудзь выплаты або калі наймальнік, маючы на тое права, не зрабiў вылiчэннi пры выплаце разліку або ўтрымаў толькі частку запазычанасці работніка;

3) пры пакрыцці шкоды, нанесенай па віне работніка наймальніку, у памеры, якi не перавышае яго сярэднямесячны заробак (ч. 1 арт. 408).

Заработная плата, залішне выплачаная работніку наймальнікам, у тым ліку пры няправільным прымяненні закона, не можа быць з яго спагнана, за выключэннем выпадкаў падліковай памылкі.

Наймальнік ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, абавязаны рабіць утрыманні з заработнай платы работніка па яго пісьмовай заяве для правядзення безнаяўных разлікаў.

У мэтах упарадкавання ўтрыманняў наймальнікамі з заработнай платы работнікаў грашовых сум па іх пісьмовай заяве для ажыццяўлення безнаяўных разлікаў Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прынята пастанова ад 18 верасня 2002 г. № 1282 «Аб утрыманнях з заработнай платы работнікаў грашовых сум для правядзення безнаяўных разлікаў» (спасылка на pravo.by).

Згодна з арт. 108 ПК пры кожнай выплаце заработнай платы агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20 працэнтаў, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, - 50 працэнтаў заработнай платы, якая належыць да выплаты работніку.

Пры утрыманні з заработнай платы па некалькіх выканаўчых дакументах за работнікам павінна быць захавана не менш за 50 працэнтаў заробку.

Абмежаванні, устаноўленыя ч. 1-2 ст. 108 ПК, не распаўсюджваюцца на ўтрыманні з заработнай платы пры спагнанні аліментаў на непаўналетніх дзяцей і расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Аднак за работнікам павінна быць захавана не менш за 30 працэнтаў заробку.

Не дапускаюцца ўтрыманні з прадугледжаных заканадаўствам сум выхадной дапамогi, кампенсацыйных i iншых выплат, на якія, згодна з заканадаўствам, не зварочваецца спагнанне (арт. 109 ПК). Даходы, на якія не зварочваецца спагнанне, вызначаны арт. 525 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.