Галоўная - Сацыяльныя нарматывы. Індэксацыя. Браніраванне сродкаў - Спажывецкія бюджэты
Спажывецкія бюджэты

У міжнароднай практыцы сістэма спажывецкіх бюджэтаў дазваляе даваць дыферэнцыраваную ацэнку ўзроўню жыцця насельніцтва. Спажывецкія бюджэты з'яўляюцца эфектыўным аналітычным інструментам вывучэння сістэмы размеркаваных адносін, узроўню жыцця, структуры грамадства па матэрыяльным дастатку і дыферэнцыяцыі насельніцтва па ўзроўні даходаў насельніцтва.

Сацыяльныя нарматывы - асноўны нарматыўны і аналітычны інструмент абгрунтавання і рэалізацыі мер сацыяльнай палітыкі, якія забяспечваюць сацыяльную абароненасць грамадзян.

У рэспубліцы ў адпаведнасці з законамі ад 9 студзеня 1992 г. № 1383-XII «Аб фарміраванні і выкарыстанні мінімальнага спажывецкага бюджэту» і ад 6 студзеня 1999 г. № 239-З «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь» распрацаваны мінімальны спажывецкі бюджэт і бюджэт пражытачнага мінімуму.

Сфера іх прымянення - ацэнка матэрыяльнага становішча розных груп насельніцтва, тыпаў сем'яў, ацэнка і прагназаванне ўзроўню даходаў грамадзян, абгрунтаванне памераў мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый. Суадносіны пакупной здольнасці сярэднедушавых грашовых даходаў у кожнай групе дазваляе ацаніць ступень эканамічнай няроўнасці насельніцтва.

Бюджэт пражытачнага мінімуму - вартасная велічыня пражытачнага мінімуму, які ўяўляе сабой неабходныя для захавання здароўя чалавека, забеспячэння яго жыццядзейнасці мінімальны набор прадуктаў харчавання і непрадуктовыя тавары і паслугі, кошт якіх вызначаецца як фіксаваная доля ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання, а таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы.

Бюджэт пражытачнага мінімуму ў адпаведнасці з заканадаўствам прымяняецца пры вызначэнні памераў мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій; надбавак, павышэнняў да пенсій і даплат людзям старэйшых узростаў; некаторых відаў дапамог і інш. Ён служыць нарматывам індэксацыі даходаў насельніцтва, выступае ў якасці крытэрыю патрэбнасці пры вызначэнні права грамадзян на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Акрамя таго, бюджэт пражытачнага мінімуму прымяняецца для вылічэння іншых выплат і служыць крытэрыем ацэнкі пры вызначэнні права грамадзян на некаторыя віды сацыяльнай падтрымкі.

У адрозненне ад бюджэту пражытачнага мінімуму мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэбнасцей чалавека. Гэты сацыяльны нарматыў уяўляе сабой бюджэт простага ўзнаўлення ўзроўню жыцця і дазваляе задаволіць асноўныя матэрыяльныя і духоўныя патрэбнасці насельніцтва, неабходныя для аднаўлення фізічных і інтэлектуальных сіл чалавека.

Мінімальны спажывецкі бюджэт як сацыяльны нарматыў больш высокага парадку (у параўнанні з бюджэтам пражытачнага мінімуму) з'яўляецца адным з арыенціраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Ён прымяняецца для штогадовага вызначэння памеру месячнай мінімальнай заработнай платы. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з удзелам рэспубліканскіх аб'яднанняў наймальнікаў і прафесійных саюзаў пры распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь вызначае суадносіны памераў месячнай мінімальнай заработнай платы i мiнiмальнага спажывецкага бюджэту, забяспечваючы штогадовае збліжэнне іх памераў. Мінімальны спажывецкі бюджэт прымяняецца пры выпрацоўцы мер сацыяльнай абароны тых грамадзян, якія не адносяцца да катэгорыі малазабяспечаных, але па ўзроўню сваіх даходаў маюць патрэбу ў пэўнай дзяржаўнай падтрымцы, напрыклад, у якасці крытэрыю, што дае права на атрыманне аднаразовых субсідый і льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю, набыццё) жылля.

Спажывецкія бюджэты, як і ўсе сацыяльныя нарматывы, не з'яўляюцца чымсьці сталым, яны павінны ўвесь час арыентавацца на абнаўленне і развіццё грамадства. Іх склад і структура ў адпаведнасці з заканадаўствам пераглядаецца не радзей за адзін раз на пяць гадоў, а вартасная велічыня - кожны квартал.

У 2014 годзе зменены падыходы да вызначэння пражытачнага мінімуму. Прыняты Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2014 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вызначэння пражытачнага мінімуму», а таксама пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2014 г. № 865 «Аб зацвярджэнні пражытачнага мінімуму для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва і Палажэння аб парадку разліку бюджэту пражытачнага мінімуму па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах і ў сярэднім на душу насельніцтва». Больш падрабязна.