Галоўная - Працоўныя адносіны - Рэгуляванне працоўных адносін - Скасаванне працоўнага дагавора (кантракта) з работнікам
Скасаванне працоўнага дагавора (кантракта) з работнікам магчыма на падставах, прадугледжаных заканадаўствам аб працы (Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей - ПК)), Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.07.1999 № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны», іншымі спецыяльнымі актамі заканадаўства.

У адпаведнасці з артыкулам 35 ПК падставамі спынення працоўнага дагавора могуць быць:

1) пагадненне бакоў (арт 37).

2) заканчэнне тэрміну дзеяння тэрміновага працоўнага дагавора, акрамя выпадкаў, калі працоўныя адносіны фактычна працягваюцца і ні адзін з бакоў не запатрабаваў іх спынення;

3) скасаванне працоўнага дагавора па жаданні (арт. 40), або па патрабаванні работніка (арт. 41), або па ініцыятыве наймальніка (арт. 42);

4) перавод работніка, з яго згоды, да іншага наймальніка або пераход на выбарную пасаду;

5) адмова работніка ад пераводу на работу ў іншую мясцовасць разам з наймальнікам; адмова ад працягу працы ў сувязі са зменай істотных умоў працы, а таксама адмова ад працягу працы ў сувязі са зменай уласніка маёмасці і (або) рэарганізацыяй (зліццём, далучэннем, падзелам, вылучэннем, пераўтварэннем) арганізацыі;

6) абставіны, якія не залежаць ад волі бакоў (арт. 44).

7) скасаванне працоўнага дагавора з папярэднім выпрабаваннем (арт. 29).

Згодна з артыкулам 47 ПК працоўны дагавор з некаторымі катэгорыямі работнікаў можа быць спынены ў выпадках:

1) аднаразовага грубага парушэння працоўных абавязкаў кіраўніком арганізацыі (адасобленага падраздзялення) і яго намеснікамі, галоўным бухгалтарам і яго намеснікамі;

1-1) змены ўласніка маёмасці арганізацыі (у адносiнах да кiраўнiка арганiзацыi, яго намеснiкаў i галоўнага бухгалтара - частка другая артыкула 36);

1-2) парушэння кiраўнiком арганiзацыi без уважлiвых прычын парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы i (або) дапамог;

2) выканання вінаватых дзеянняў работнікам, які непасрэдна абслуговае грашовыя і матэрыяльныя каштоўнасці, калі гэтыя дзеянні з'яўляюцца падставай для страты даверу да яго з боку наймальніка;

3) здзяйснення работнікам, які выконвае выхаваўчыя функцыі, амаральнай правіннасці, несумяшчальнай з працягам дадзенай працы;

4) накіравання работніка па пастанове суда ў лячэбна-працоўны прафілакторый;

5) непадпісання або парушэння работнікам, які з'яўляецца дзяржаўнай службовай асобай, пісьмовага абавязацельства па выкананні абмежаванняў, прадугледжаных заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй;

6) непадпісання работнікам, якому для выканання сваіх працоўных абавязкаў неабходны доступ да камерцыйнай тайны, абавязацельства аб невыдаванні камерцыйнай тайны або выдавання камерцыйнай тайны работнікам, які мае да яе доступ;

7) узнікнення (устанаўлення) абставінаў, якія перашкаджаюць ажыццяўленню педагагічнай дзейнасці або педагагічнай дзейнасці ў сферы фізічнай культуры і спорту ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.07.1999 № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» (63 КБ) прадугледжаны дадатковыя падставы датэрміновага скасавання кантракта па ініцыятыве наймальніка за наступныя парушэнні работнікам ускладзеных на яго працоўных абавязкаў:

парушэнне без уважлівых прычын парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы, пенсій і (або) дапамог;

прычыненне ў сувязі з выкананнем працоўных абавязкаў дзяржаве, юрыдычным і (або) фізічным асобам маёмаснай шкоды, устаноўленай рашэннем суда, якое ўступіла у законную сілу, або рашэннем аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, прынятым iншым упаўнаважаным дзяржаўным органам (службовай асобай);

неаднаразовае <*> парушэнне устаноўленага заканадаўствам парадку разгляду зваротаў грамадзян, а таксама неправамерную адмову ў разглядзе зваротаў грамадзян, якія адносяцца да кампетэнцыі адпаведнага дзяржаўнага органа;

незаконнае прыцягненне да адказнасці грамадзян і юрыдычных асоб;

неаднаразовае <*> прадастаўленне ва ўпаўнаважаныя органы няпоўных цi недакладных звестак;

непрыняцце неабходных мер для своечасовага паступлення выручкі па экспартных кантрактах ці аплачанага тавара па імпартных і бартэрных кантрактах;

незабеспячэнне належнай працоўнай дысцыпліны падначаленых, а таксама ўтойванне фактаў парушэння імі працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны або непрыцягненне без уважлівых прычын вінаватых асоб да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці за такія парушэнні;

распіцце спіртных напіткаў, ужыванне наркатычных ці таксічных сродкаў у працоўны час або па месцы работы;

парушэнне правіл па ахове працы і тэхніцы бяспекі, якое пацягнула калецтва ці смерць іншага работніка;

непрыняцце без паважных прычын у тэрмiн, устаноўлены законнымі прадпісаннямі праваахоўных або кантрольных органаў, мер па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, а таксама па кампенсацыі матэрыяльнага ўрону, прычыненага дзяржаве ў выніку парушэння дзеючага заканадаўства.

<*> Два i больш разоў на працягу 6 месяцаў.

Парадак звальнення. Звальненне па некаторых падставах павінна праводзіцца з захаваннем устаноўленага заканадаўствам парадку, у іншым выпадку гэта можа пацягнуць прызнанне звальнення незаконным. У прыватнасці, такі парадак устаноўлены арт. 43 ПК, 46 ПК. Для асобных катэгорый работнікаў ПК устаноўлены дадатковыя гарантыі пры скасаванні працоўнага дагавора, напрыклад, асаблівасці звальнення непаўналетніх (спасылка на рубрыку рэгуляванне працы непаўнагадовых), інвалідаў, жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў (ПК змяшчае главы пра асаблівасці рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў). У сувязі з гэтым пры звальненні такіх работнікаў наймальніку неабходна выконваць нормы, якія ўстанаўліваюць асаблівасці скасавання з імі працоўнага дагавора.

Канчатковы разлік. Пры звальненні работніка ўсе выплаты, якія належаць яму ад наймальніка на дзень звальнення, робяцца не пазней за дзень звальнення. Калі работнік у дзень звальнення не працаваў, то адпаведныя выплаты павінны быць зроблены не пазней за наступны дзень пасля прад'яўлення ім патрабавання аб разліку (ч. 1 арт. 77 ПК).

У выпадку спрэчкі аб памерах выплат, якія належаць работніку, пры звальненні, наймальнік абавязаны на вышэйзгаданы тэрмін выплаціць суму, якая ім не аспрэчваецца.

У дзень звальнення наймальнік, у прыватнасці, выплачвае работніку заработную плату, грашовую кампенсацыю за нявыкарыстаны водпуск (арт. 179 ПК), выхадную дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам, лакальным нарматыўным прававым актам.

Нельга аспрэчваць тыя сумы, права на якія ўстаноўлены заканадаўствам. Напрыклад, у адпаведнасці з арт. 48 ПК пры звальненні ў сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў наймальнік павінен выплаціць выхадную дапамогу - не менш за трох сярэднямесячных заработных плат.

Адным з прыкладаў сумы, якая аспрэчваецца, можа з'яўляцца сума, якую наймальнік утрымлівае з заработнай платы работніка, аднак работнік з такім утрыманнем не згодны. Разам з тым у гэтым выпадку наймальніку неабходна выплаціць у дзень звальнення суму, якая не аспрэчваецца, гэта значыць суму за вылікам гэтага ўтрымання.

Абавязак па своечасовай выплаце ляжыць на наймальнiку, таму такія прычыны, як «не працуе банк», «няма грашовых сродкаў у касе», не могуць служыць падставай для выканання канчатковага разліку ў іншыя тэрміны, чым прадугледжана заканадаўствам.

У выпадку нявыплаты па віне наймальніка ў тэрміны, устаноўленыя ч.1 арт. 77 ПК, сум выплат, якія належаць работніку, работнiк мае права спагнаць з наймальніка сярэдні заробак за кожны дзень іх затрымкі, а ў выпадку нявыплаты часткі сумы - прапарцыянальна нявыплачаным пры разліку грашовым сумам.

Выхадная дапамога пры звальненні. Выхадная дапамога выплачваецца ў выпадках, прадугледжаных ПК і іншымі актамі заканадаўства, калектыўным дагаворам, пагадненнем.

Пры спыненні працоўнага дагавора па падставах, пазначаных у п. 5 ч. 2 арт. 35, п.п. 2 і 3 арт. 42, п.п. 1 і 2 арт. 44 ПК, работнікам выплачваецца выхадная дапамога ў памеры не менш за двухтыднёвы сярэдні заробак.

Пры скасаванні працоўнага дагавора ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, працоўнага дагавора работніку выплачваецца выхадная дапамога ў памеры не менш за двухтыднёвы сярэдні заробак за выключэннем работнікаў, якім актамі заканадаўства ўстаноўлена выплата мінімальнай кампенсацыі за скасаванне тэрміновага працоўнага дагавора ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, працоўнага дагавора.

У прыватнасці, п. 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.1999 № 1180 «Аб зацвярджэнні Прыкладнай формы кантракта наймальніка з работнікам» устаноўлена мінімальная кампенсацыя ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат у выпадку датэрміновага скасавання кантракта з работнікам з-за невыканання або неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка. Дадзеная кампенсацыя ўстанаўліваецца работнікам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту (мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў) i маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікам, якія не дасягнулі пазначанага ўзросту, але атрымлiваюць пенсii (акрамя працоўных пенсій па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля і сацыяльных пенсiй).

Такім чынам, двухтыднёвая выхадная дапамога пры звальненні ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага, працоўнага дагавора асобам, якія працуюць па кантрактах, не выплачваецца. Выключэнне складаюць работнікі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту (мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў) i маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікі, якія не дасягнулі пазначанага ўзросту, але атрымліваюць пенсіі (акрамя працоўных пенсій па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля і сацыяльных пенсій).

Пры спыненні працоўнага дагавора ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва або іншага адасобленага падраздзялення арганізацыі, размешчаных у іншай мясцовасці, ажыццяўленнем мерапрыемстваў па скарачэнні колькасці або штату работнікаў, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка (п. 1 арт. 42 ПК) выплачваецца выхадная дапамога ў памеры не менш за трохразовы сярэднямесячны заробак.

Пры скасаванні працоўнага дагавора з кiраўнiком арганiзацыi, яго намеснікамі і галоўным бухгалтарам у сувязі са зменай уласніка маёмасці (п. 1-1 арт. 47 ПК) новы ўласнік абавязаны выплаціць названым работнікам выхадную дапамогу ў памеры не менш за тры сярэднямесячныя заробкі.

Памер дапамогі можа быць павялічаны ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных калектыўным дагаворам, пагадненнем, наймальнікам.

Сумяшчальнікам выхадная дапамога не выплачваецца.

Утрыманне з заработнай платы пры звальненні.
Пры звальненні работніка наймальніку неабходна ўлічваць норму арт. 107 ПК «Утрыманне з заработнай платы». Утрыманне з заработнай платы за неадпрацаваныя дні працоўнага водпуску, які быў прадастаўлены да заканчэння працоўнага года, не праводзiцца пры звальненні па падставах, названых у п.п. 2, 4 і 5 ч. 2 арт. 35, арт. 37, п.п. 1, 2 і 6 арт. 42, п.п. 1, 2 і 6 арт. 44 ПК, па жаданні работніка ў сувязі з атрыманнем адукацыі па накіраванні наймальніка або выхадам на пенсію, а таксама калі пры звальненні работніку не налічваюцца якія-небудзь выплаты або калі наймальнік, маючы на тое права, не зрабiў вылiчэннi пры выплаце разліку або ўтрымаў толькі частку запазычанасці работніка.

На практыцы пры звальненні работніка па пагадненні бакоў адны наймальнікі пазначаюць у загадзе аб звальненні і працоўнай кніжцы арт. 37 ПК, іншыя - п. 1 ч. 2 арт. 35 ПК. Неабходна адзначыць, што незалежна ад таго, на арт. 37 або п. 1 ч. 2 арт. 35 ПК зроблена спасылка аб звальненні, падставай звальнення работніка будзе пагадненне бакоў. Як пазначана ў артыкуле 107 ПК пры звальненні работніка па такой падставе, як пагадненне бакоў, утрыманне з заработнай платы работніка за неадпрацаваныя дні працоўнага водпуску, прадастаўленага авансам, не робіцца.

Выдача працоўнай кніжкі. Пры звальненні працоўная кніжка выдаецца работніку ў дзень звальнення (у апошні дзень работы) з унесеным у яе запісам аб звальненні.

Калі работнік адсутнічае на рабоце ў дзень звальнення або адмаўляецца ад атрымання працоўнай кніжкі, наймальнік у гэты ж дзень накіроўвае яму заказны ліст з паведамленнем аб уручэнні аб неабходнасці з'явіцца за атрыманнем працоўнай кніжкі.

Пры наяўнасці пісьмовай заявы работніка аб накіраванні працоўнай кніжкі па пошце наймальнік не пазней за наступны дзень пасля атрымання такой заявы накіроўвае працоўную кніжку па пазначаным у заяве адрасе.

У выпадках, калі работнік адмаўляецца сам атрымаць працоўную кніжку, напрыклад, ён лічыць, што наймальнік яго незаконна звольніў, нягледзячы на заказны ліст з паведамленнем аб неабходнасці атрымання працоўнай кніжкі, не з'яўляецца за ёй і не выказаў жадання на перасылку яе па пошце, наймальнік не нясе адказнасці за затрымку выдачы працоўнай кніжкі.

У выпадку адмовы работніка ад атрымання працоўнай кніжкі наймальнікам афармляецца акт з пазначэннем сведак, якія пры гэтым прысутнічаюць.

У адпаведнасці з арт. 79 ПК пры затрымцы выдачы працоўнай кніжкі па віне наймальніка работніку выплачваецца сярэдні заробак за ўвесь час вымушанага прагулу, і дата звальнення пры гэтым змяняецца на дзень выдачы працоўнай кніжкі.