Галоўная - Працоўныя адносіны - Рэгуляванне працоўных адносін - Працоўныя і сацыяльныя водпускі
Водпуск - адзін з відаў часу адпачынку. Мабыць, гэта самы працяглы перыяд у параўнанні з іншымі відамі часу адпачынку: перапынкамі на працягу працоўнага дня (змены); штодзённым (міжзменным) і штотыднёвым адпачынкам; выходнымі і святочнымі днямі.

Артыкулам 43 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь працуючым гарантавана права на адпачынак.

Гэта права для працуючых на ўмовах заключаных працоўных дагавораў (кантрактаў) забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, якi не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых працоўных аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.

Рэалізуе вышэйпрыведзеныя канстытуцыйныя нормы глава 12 ПК «Працоўныя і сацыяльныя водпускі».

Працоўным кодэксам устаноўлена, што работнікі маюць права на водпуск незалежна ад таго, хто з'яўляецца іх наймальнікам, якая арганізацыйна-прававая форма арганізацыі і які від працоўнага дагавора з імі заключаны, якая аплата яго працы, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі. Сумяшчальнікі, часовыя, сезонныя работнікі таксама маюць права на водпуск або атрыманне за яго грашовай кампенсацыі пры звальненні.

Пад водпускам неабходна разумець вызваленне ад працы па працоўным дагаворы на пэўны перыяд для адпачынку і іншых сацыяльных мэтаў з захаваннем месца работы і заработнай платы. Права на працоўныя і сацыяльныя водпускі замацавана як агульнае права ўсіх работнікаў. Неабходна мець на ўвазе, што захаванне заработнай платы гарантуецца за час працоўных водпускаў ва ўсіх выпадках, а за час сацыяльных водпускаў заработная плата захоўваецца ў выпадках, прадугледжаных ПК, калектыўным дагаворам, пагадненнем.

Працягласць водпуску вылічаецца ў каляндарных днях. У лік каляндарных дзён працоўнага водпуску не ўключаюцца і не аплачваюцца дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб'яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі, якія прыпадаюць на час водпуск. У сувязі з гэтым дата заканчэння водпуску перамяшчаецца наперад. Для гэтых мэтаў неабходна прымяняць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.03.1998 № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь».

Водпускі падзяляюцца на два віды: працоўныя і сацыяльныя.

Да працоўных водпускаў адносяцца: асноўны водпуск і дадатковыя водпускі.

Працягласць асноўнага водпуску не можа быць менш за 24 каляндарныя дні. Такая працягласць асноўнага водпуску абавязковая для ўсіх наймальнікаў (арт. 155 ПК). Гэты мінімум гарантуецца кожнаму работніку.

Пералікі арганізацый і пасад, а таксама катэгорый работнiкаў з працягласцю асноўнага водпуску больш за 24 каляндарныя дні, умовы прадастаўлення і канкрэтная працягласць гэтага водпуску ўстанаўлiваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Дадзенае права Урада рэалізавана ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.01.2008 № 100 «Аб прадастаўленні асноўнага водпуску працягласцю больш за 24 каляндарныя дні», якім устаноўлены пералік арганізацый і пасад педагагічных работнікаў, працягласць асноўнага водпуску якіх складае больш за 24 каляндарныя дні (дадатак 1), а таксама пералік катэгорый работнікаў, працягласць асноўнага водпуску якіх складае больш за 24 каляндарныя дні (дадатак 2).

Дадатковыя водпускi прадастаўляюцца толькі некаторым катэгорыям работнікаў у сувязі з асаблівымі ўмовамі або характарам працы, або ў якасці заахвочвання за працяглую бесперапынную работу на адным прадпрыемстве. ПК прадугледжвае 4 віды дадатковых водпускаў: за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы i за асаблівы характар работы; за ненарміраваны працоўны дзень; за працяглы стаж работы; заахвочвальны водпуск.

Чарговасць прадастаўлення працоўных водпускаў устанаўліваецца для калектыву работнікаў графікам працоўных водпускаў, які зацвярджаецца наймальнікам, а таксама узгодненым з прафсаюзам, калі такое ўзгадненне прадугледжана калектыўным дагаворам. Пры складанні графіка працоўных водпускаў наймальнік улічвае меркаванне работніка аб часе яго сыходу ў водпуск, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі і рэалізацыі права на водпуск іншых работнікаў, а таксама плануе чарговасць працоўных водпускаў у адпаведнасці з ч. 4 арт. 168 ПК.

Пры звальненні незалежна ад яго падставы работніку, які не выкарыстоўваў або выкарыстаў не цалкам працоўны водпуск, выплачваецца грашовая кампенсацыя.

У прыватнасці, да сацыяльных водпускаў адносяцца: водпуск па цяжарнасці і родах; водпуск па догляду за дзіцяці да дасягненні ім узросту трох гадоў; у сувязі з навучаннем; у сувязі з катастрофай на ЧАЭС; па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару, па ініцыятыве наймальніка ў сувязі з часовым прыпыненнем работ або часовым памяншэннем іх аб'ёму.

Водпускі афармляюцца загадам (распараджэннем) наймальніка або запіскай аб водпуску, якія падпісваюцца ад імені наймальніка ўпаўнаважанай службовай асобай наймальніка (арт. 152 ПК). Прыкладная форма запіскі аб водпуску ўстаноўлена пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 04.10.2010 № 139.