Галоўная - Працоўныя адносіны - Рэгуляванне працоўных адносін - Працоўныя адносіны з абавязанымі асобамі
Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем'ях» (з дапаўненнямі і змяненнямі ад 5 мая 2009 года № 5) (далей - Дэкрэт) абавязанымі асобамі з'яўляюцца бацькі, якія абавязаны кампенсаваць расходы па ўтрыманні дзяцей у выпадку:

адабрання ў iх дзяцей па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх;

адабрання ў iх дзяцей на падставе рашэння суда без пазбаўлення бацькоўскіх правоў;

пазбаўлення іх бацькоўскіх правоў;

знаходжання іх у вышуку, лячэбна-працоўных прафілакторыях або ў месцах утрымання пад вартай;

адбыцця пакарання ва ўстановах, якiя выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi, абмежавання волі, арышту.

Абавязанымі асобамі з'яўляюцца як тыя, хто працуюць і добраахвотна кампенсуюць расходы па ўтрыманні дзяцей, так і тыя, хто не працуюць. Пры гэтым, непрацуючыя абавязаныя асобы, а таксама працуючыя абавязаныя асобы, якія пакрываюць расходы па ўтрыманні дзяцей у добраахвотным парадку па заяве, але не ў поўным аб'ёме, падлягаюць працаўладкаванню па судовай пастанове аб працаўладкаванні (пункт 13 дэкрэта).

Такім чынам, у арганізацыі могуць працаваць абавязаныя асобы, працаўладкаваныя самастойна, і абавязаныя асобы, працаўладкаваныя па судовай пастанове аб працаўладкаванні.

Як паказвае практыка, асобныя наймальнікі пры заключэнні працоўнага дагавора з абавязанай асобай выкарыстоўваюць нормы арт. 28 ПК, устанаўліваючы папярэдняе выпрабаванне, а таксама прымяняюць кантрактную форму найму.

Наяўнасць кантракту першапачаткова мае на ўвазе магчымасць спынення працоўных адносін па ініцыятыве работніка па заканчэнні тэрміну дзеяння кантракту, а таксама па дадатковых падставах, прадугледжаных пп. 2.10 п. 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны», што ў дачыненні да абавязаных асоб не можа прымяняцца.

Аналагічная сітуацыя ўзнікае і пры ўстанаўленні папярэдняга выпрабавання пры прыёме на працу і праве работніка скасаваць працоўны дагавор (кантракт) з папярэднім выпрабаваннем.

Мэтай устанаўлення папярэдняга выпрабавання з'яўляецца праверка адпаведнасці работніка рабоце, якая яму даручаецца. Аднак працоўны дагавор (кантракт) з абавязанай асобай з умовай папярэдняга выпрабавання не можа быць спынены з улікам патрабаванняў, устаноўленых ч. 13 п. 14 Дэкрэта. Згодна з часткай першай арт. 29 ПК кожны з бакоў мае права скасаваць працоўны дагавор з папярэднім выпрабаваннем:

1) да заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання, папярэдзіўшы пра гэта іншы бок пісьмова за тры дні;

2) у дзень заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання.

Такім чынам, устанаўленне папярэдняга выпрабавання пры прыёме на работу абавязанай асобы, а таксама заключэнне з ёй кантракта супярэчыць устаноўленым патрабаванням Дэкрэта па спыненні працоўных адносін з такой катэгорыяй работнікаў.

Акрамя таго, пры працаўладкаванні абавязанай асобы немагчыма першапачаткова вызначыць працягласць яе працы ў наймальніка, гэта значыць устанавіць канкрэтны тэрмін працоўных адносін.

Згодна з п. 14 Дэкрэта абавязаныя асобы, працаўладкаваныя па пастанове суда, маюць права на працоўны водпуск працягласцю 7 каляндарных дзён. Такім чынам, такім асобам дадатковы заахвочвальны водпуск, які з'яўляецца абавязковай умовай кантракта, прадастаўлены быць не можа.

Дадзенае абмежаванне не распаўсюджваецца на асоб, працаўладкаваных самастойна. Такім асобам працоўны водпуск прадастаўляецца ў агульным парадку, устаноўленым заканадаўствам аб працы.

З улікам выкладзенага, пры працаўладкаванні абавязаных асоб па пастанове суда, мэтазгодна заключаць працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін. Устанаўленне папярэдняга выпрабавання для названай катэгорыі таксама з'яўляецца непрымальным.

У дачыненні да ўсіх абавязаных асоб часткай трынаццатай пункта 14 Дэкрэта устаноўлена абмежаванне на звальненне. Так, абавязаная асоба не можа быць звольнена з работы да поўнай кампенсацыі расходаў па ўтрыманні дзяцей, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных у пунктах 1 (акрамя скарачэння колькасці або штату работнікаў), 2, 8 артыкула 42, пунктах 1, 2, 5, 6 артыкула 44 і пунктах 2, 4 артыкула 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У выпадку, калі абавязаная асоба самастойна знойдзе месца працы з заработнай платай, якая перавышае заработную плату па прадастаўленым месцы працы, наймальнік пры наяўнасці ліста ад іншага наймальніка мае права па ўзгадненні з органамі па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне звольніць абавязаную асобу для далейшай працы ў гэтага наймальніка (частка пятнаццатая пункта 14 Дэкрэта).

Такім чынам, пералік падстаў, па якіх можа быць звольнена абавязаная асоба, з'яўляецца вычарпальным, і работнік, які з'яўляецца абавязанай асобай, не можа быць звольнены па ўласным жаданні або па патрабаванні ў сувязі з выхадам на пенсію.