Галоўная - Пенсійнае забеспячэнне - Інфармацыя аб пенсійным забеспячэнні
Найважнейшым складальнікам сістэмы сацыяльнай абароны з'яўляецца пенсійнае забеспячэнне. У цяперашні час у органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне розныя віды пенсій атрымліваюць больш за 2,6 млн. чалавек.

Гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права на пенсійнае забеспячэнне рэалізуецца праз Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» (далей - Закон), іншыя заканадаўчыя акты.

Законам замацаваны ўмовы прадастаўлення працоўных пенсій па ўзросце, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай.

Заканадаўствам прадугледжваецца магчымасць прызначэння асобным катэгорыям грамадзян датэрміновых пенсій па ўмовах працы або сацыяльных падставах.

Права на працоўную пенсію па ўзросце на агульных падставах да 2017 года прадастаўлялась мужчынам - па дасягненнi 60 гадоў пры стажы працы не менш за 25 гадоў, жанчынам - па дасягненнi 55 гадоў пры стажы працы не менш за 20 гадоў.

Згодна Закону з 1 студзеня 2017 г. агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост штогод павялічвацца на 6 месяцаў да дасягнення ўзросту мужчынамі 63 гады, жанчынамі 58 гадоў. Такімі ж тэмпамі будзе павышацца ўзрост для прызначэння датэрміновых пенсій.

Абавязковай умовай для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце і працоўную пенсію за выслугу гадоў (артыкулы 11-13, 15, 24, 47-49-2 Закона) з'яўляецца наяўнасць стажу працы (іншай дзейнасці) з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей - страхавы стаж) не менш за 16 гадоў (пры прызначэнні пенсіі ў 2017 годзе). Страхавы стаж штогод з 1 студзеня павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў. Г.зн. у 2017 годзе ён павінен складаць не менш за 16 гадоў, у 2018 годзе - 16 гадоў 6 месяцаў, у 2019 годзе - 17 гадоў і г.д. Для прызначэння датэрміновых пенсій па ўзросце бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства); шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей; інвалідам з дзяцінства; інвалідам вайны; маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, ліліпутам і карлікам (артыкулы 17-22 Закона) патрабуецца 5 гадоў страхавога стажу (пры выкананні іншых умоў, прадугледжаных заканадаўствам).

Акрамя страхавога стажу ў стаж для вылічэння памеру пенсіі ўключаюцца перыяды, прадугледжаныя часткай другой артыкула 51 Закона (у прыватнасці, служба ва Узброеных Сілах СССР, Рэспублікі Беларусь, час догляду за дзецьмі ва ўзросце да 3-х гадоў (але не больш за 9 гадоў у агульнай складанасці), перыяд атрымання ў дзённай форме атрымання адукацыі (прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай i паслявузаўскай адукацыi, атрымання дапамогі па беспрацоўі, але не больш за 6 месяцаў у агульнай складанасці і інш.). Максімальная працягласць агульнага стажу, якая ўлічваецца пры вылічэнні пенсіі - 45 гадоў для мужчын і 40 гадоў для жанчын.

Пры прызначэнні працоўнай пенсіі ў 2017 годзе яна вылічаецца з заробку за апошнія 23 гады запар стажу працы, але не больш чым за фактычна існуючы стаж працы. Пры гэтым у перыядах работы прадпрымальніцкай дзейнасці ўлічваюцца фактычны заробак (даход), а за перыяды іншай дзейнасці (іншыя перыяды), якія ўключаны ў стаж (частка другая артыкула 51 Закона) у якасці фактычнага заробку ў разлік прымаецца 40 працэнтаў сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за адпаведныя месяцы.

Штогод перыяд для вылічэння заробку павялічваецца на 1 год, да фактычна наяўнага ў асобы, якая звярнулася па пенсію, стажу працы. Гэта значыць у 2018 годзе ён будзе складаць 24 гады, у 2019 годзе - 25 гадоў і г.д. Заробак абмяжоўваецца чатырохкратнай сярэдняй заработнай платай у рэспубліцы (ІКЗ = 4), а з 2016 года - пяціразовай сярэдняй заработнай платай у рэспубліцы (ІКЗ = 5) для асоб са стажам 36 гадоў і больш у мужчын і 31 год і больш у жанчын.

Мінімальныя гарантыі

Мінімальны памер працоўнай пенсіі па ўзросце ўстаноўлены ў памеры 25 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь за два апошнія кварталы (артыкул 23 Закона).

Мінімальны памер працоўнай пенсіі па інваліднасці I і II груп устаноўлены ў памеры 100 працэнтаў, па III групе - 50 працэнтаў, маці-гераіням (незалежна ад групы інваліднасці) - 100 працэнтаў мiнiмальнага памеру пенсii па ўзросце (артыкул 31 Закона).

Мінімальны памер працоўнай пенсіі з нагоды страты карміцеля ўстаноўлены ў памеры 100 працэнтаў мiнiмальнага памеру пенсii па ўзросце, дзецям-сіротам, асобам з ліку дзяцей-сірот (пры ўмове неатрымання ў сувязі са смерцю аднаго з бацькоў штомесячнай страхавой выплаты) - 200 працэнтаў мiнiмальнага памеру пенсii па ўзросце (артыкул 38 Закона).

Мінімальны памер працоўнай пенсіі за выслугу гадоў устаноўлены ў памеры 100 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце (артыкул 50 Закона).

Да працоўных пенсій, вылічаных у мінімальным памеры, устаноўлена даплата ў памеры 20 працэнтаў сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, якая прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заробку пенсiянера пры прызначэннi i пераразлiку пенсiй, у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі ад 22 снежня 1999 г. №1976 у рэдакцыі ад 26 мая 2011 г. №667).

Да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў устанаўліваецца надбаўка на догляд (артыкулы 25, 33, 41-1, 50-1 Закона) і (або) павышэнне пенсій (артыкул 68 Закона).

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2012 г. №35 «Аб павышэнні пенсій» да пенсій пастаянна пражываючых у Рэспубліцы Беларусь непрацуючых пенсіянераў, якія, дасягнулі ўзросту 75 гадоў і атрымліваюць пенсію ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, устаноўлены даплаты.

Непрацаздольным грамадзянам, якiя не атрымлiваюць працоўную пенсію і (або) пенсію з іншых дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь у галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння, прызначаецца сацыяльная пенсія. Яна прызначаецца мужчынам па дасягненні ўзросту 65 гадоў, жанчынам - 60 гадоў. Дадзеная ўмова не ўжываецца ў дачыненні да дзяцей-інвалідаў, інвалідаў, у тым ліку інвалідаў з дзяцінства, дзяцей, якія страцілі карміцеля.

Сацыяльныя пенсіі вылічваюцца з найбольшай велічыні зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы ў наступных памерах:

інвалідам I групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, - 110 працэнтаў; інвалідам з дзяцінства II групы - 95 працэнтаў; інвалідам II групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты карміцеля (пункт «а» часткi трэцяй артыкула 35) на кожнае дзіця - 85 працэнтаў; інвалідам III групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства -75 працэнтаў; асобам, якія дасягнулі ўзросту: мужчыны - 65 гадоў, жанчыны – 60 гадоў, - 50 працэнтаў; дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў пры ступені страты здароўя: першай - 80 працэнтаў, другой - 85 працэнтаў, трэцяй - 95 працэнтаў, чацвёртай - 110 працэнтаў.

У мэтах падтрымання ўзроўню пенсійнага забеспячэння перыядычна робяцца пераразлікі пенсій.

Пераразлік пенсій ажыццяўляецца:

(1) у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы. Такі пераразлік праводзіцца не радзей за адзін раз на год. Адначасова з ім пераразлічваецца памер даплаты да мінімальных працоўных пенсій;

(2) у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Пры такім пераразліку павялічваюцца мінімальныя працоўныя пенсіі, сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да іх, даплаты пенсіянерам ва ўзросце больш за 75 гадоў).