Мiнiстэрства працы i
сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь

На галоўную - Сацыяльныя нарматывы. Індэксацыя. Браніраванне сродкаў - Бюджэт пражытачнага мінімуму

Бюджэт пражытачнага мінімуму

Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь» у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2014 г. устаноўлена прававая аснова вызначэння пражытачнага мінімуму і яго выкарыстання. Бюджэт пражытачнага мінімуму ўяўляе сабой вартасную велічыню неабходных для захавання здароўя чалавека, забеспячэння яго жыццядзейнасці мінімальнага набору прадуктаў харчавання і непрадуктовых тавараў і паслуг, кошт якіх вызначаецца як фіксаваная доля ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання, а таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы. Ён разлічваецца ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах, і штоквартальна зацвярджаецца пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2014 г. № 865 «Аб зацвярджэнні пражытачнага мінімуму для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва і Палажэння аб парадку разліку бюджэту пражытачнага мінімуму па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах і ў сярэднім на душу насельніцтва» зацверджаны пражытачны мінімум для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва, які складаецца з: мінімальных набораў прадуктаў харчавання для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва; непрадуктовых тавараў і паслуг, кошт якіх вызначаны як фіксаваная доля ў памеры 77 працэнтаў ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання.

Бюджэт пражытачнага мінімуму як сацыяльны нарматыў выкарыстоўваецца для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва; аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям); абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый.

Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (далей - БПМ) у адпаведнасці з заканадаўствам прымяняецца пры вызначэнні памераў мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій; надбавак, павышэнняў да пенсій і даплат людзям старэйшых узростаў; некаторых відаў дапамог і інш. Ён служыць нарматывам індэксацыі даходаў насельніцтва, выступае ў якасці крытэрыя патрэбнасці пры вызначэнні права грамадзян на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Акрамя таго, БПМ прымяняецца для вылічэння іншых выплат і служыць крытэрыем ацэнкі пры вызначэнні права грамадзян на некаторыя віды сацыяльнай падтрымкі.

Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 23 студзеня 2019 г. № 4 зацверджаны наступныя памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у цэнах снежня 2018 г. у разліку на адзін месяц на перыяд з 1 лютага па 30 красавіка 2019 г.:

у сярэднім на душу насельніцтва – 216 беларускіх рублёў 90 капеек;
працаздольнае насельніцтва – 240 беларускіх рублёў 80 капеек;
пенсіянеры – 166 беларускіх рублёў 32 капейкі;
студэнты – 210 беларускіх рублёў 42 капейкі;
дзеці ва ўзросце да трох гадоў – 140 беларускіх рублёў 25 капеек;
дзеці ва ўзросце ад трох да
шасці гадоў – 192 беларускіх рублі 22 капейкі;
дзеці ва ўзросце ад шасці да
васемнаццаці гадоў – 235 беларускіх рублёў 85 капеек.

БПМ у сярэднім на душу насельніцтва у цэнах снежня 2018 г. вырас у параўнанні з яго памерам у цэнах верасня 2018 г. на 1,3 працэнта.

У сувязі са змяненнем БПМ з 1 лютага 2019 г. павялічацца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты асобам ва ўзросце 75 гадоў і вышэй, тым, хто атрымлівае пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне; дапамог па догляду інваліда I групы або за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; дапамогі на дзяцей: пры нараджэнні дзіцяці (першага дзіцяці - 10 БПМ, другога і наступных дзяцей - 14 БПМ); па догляду за дзіця-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў (1 БПМ); на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (0,5 БПМ), на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў (0,5 БПМ, 0,7 БПМ), на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (0,7 БПМ), і іншыя сацыяльныя выплаты, якія вылічваюцца з памеру БПМ.