Галоўная - Ахова працы - Растлумачэнні заканадаўства - Аб прадастаўленні дадатковага водпуску за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы
Парадак, умовы прадастаўлення дадатковых водпускаў за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы i за асобы характар работы (далей, калi не ўстаноўлена iншае, - дадатковы водпуск) устаноўлены пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2008 года № 73 «Аб дадатковых водпусках за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы і асобы характар работы» (далей - пастанова № 73).

З мэтай рэалізацыі часткі другой артыкула 164 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2014 г. (далей - Працоўны кодэкс) прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 лiпеня 2014 года № 679 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Cавета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2008 года № 73» (далей - пастанова № 679).

Пастановай № 679 заканадаўча замацавана існуючая практыка прадастаўлення дадатковага водпуску, а менавіта вызначаны:

перыяды, якiя ўключаюцца ў працоўны год, за які прадастаўляецца дадатковы водпуск;

умовы, пры якіх работнік мае права на прадастаўленне поўнага дадатковага водпуску;

парадак прадастаўлення работніку дадатковага водпуску авансам.

Дадатковы водпуск за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы прадастаўляецца работніку на падставе атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы (далей - атэстацыя) у залежнасці ад класа (ступені) шкоднасці ці небяспекі ўмоў працы працягласцю згодна з дадаткам 1 да пастановы № 73.

Калі атэстацыя праведзена на працягу працоўнага года работніка, то дадатковы водпуск за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы прадастаўляецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу: да правядзення атэстацыі - на ўмовах, якія дзейнічалі да яе правядзення (па выніках папярэдняй атэстацыі), за астатні час працоўнага года - па выніках зноў праведзенай атэстацыі.

Дадатковы водпуск за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы працягласцю, названай у дадатку 1 да пастановы № 73 (г.зн. у поўным аб'ёме), прадастаўляецца работніку пры ўмове, калі ён на працягу ўсяго працоўнага года (12 месяцаў) працаваў са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы.
Пры гэтым прадугледжваецца, што ў працоўны год, за які прадастаўляецца дадатковы водпуск за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, уключаюцца:

дні, у якія работнік быў заняты на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы поўны працоўны дзень;

выхадныя, дзяржаўныя святы і святочныя дні, аб'яўленыя непрацоўнымі днямі, якія ідуць непасрэдна за днямі, у якія работнік быў заняты на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы поўны працоўны дзень;

перыяд знаходжання ў працоўным водпуску.

Аналагічныя перыяды ўключаюцца і ў працоўны год, за які прадастаўляецца дадатковы водпуск за асобы характар работы:

работнікам, занятым на падземных горных работах у рудніках (шахтах), адкрытых горных работах, работах на паверхні руднікоў (шахт), транспарціроўцы і рудападрыхтоўцы, узбагачэнні карысных выкапняў (п.п.1.2.1 пункта 1 пастановы № 73);

работнікам, занятым на будаўніцтве, рэканструкцыі, тэхнічным пераўзбраенні і капітальным рамонце метрапалітэнаў, тунэляў і іншых падземных збудаванняў (п.п.1.2.3 пункта 1 пастановы № 73);

работнікам лабараторый дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя» Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (п.п.1.2.7 пункта 1 пастановы № 73);

работнікам, занятым у лясной гаспадарцы (п.п.1.2.8 пункта 1 пастановы № 73).

Калі на дату сыходу ў працоўны водпуск работнік не быў заняты на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы на працягу ўсяго працоўнага года, то дадатковы водпуск за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы прадастаўляецца яму працягласцю, вылічанай прапарцыйна адпрацаванаму ў такіх умовах часу.

Улік фактычна адпрацаванага работнікамі працоўнага часу на работах (прафесіях, пасадах), а таксама ва ўмовах, якія даюць права на прадастаўленне ім дадатковага водпуску, вядзецца ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 133 Працоўнага кодэкса.

З улікам перыядаў, якiя ўключаюцца ў працоўны год, за які прадастаўляецца дадатковы водпуск (частка другая артыкула 164 Працоўнага кодэкса), пастановай № 679 замацавана норма, якая абавязвае наймальніка да заканчэння працоўнага года, за які прадастаўляецца працоўны водпуск, прадаставіць дадатковы водпуск або астатнюю частку гэтага водпуску працягласцю, вылічанай прапарцыйна адпрацаванаму ў такіх умовах часу.

Пры гэтым, згодна з часткай трэцяй падпункта 1.4 пункта 1 пастановы № 679 дадатковы водпуск за асобы характар работы або астатняя яго частка прадастаўляецца працягласцю, вылічанай прапарцыйна адпрацаванаму ў такіх умовах часу, работнікам, занятым на падземных горных работах у рудніках (шахтах), адкрытых горных работах, работах на паверхні руднікоў (шахт), транспарціроўцы і рудападрыхтоўцы, узбагачэнні карысных выкапняў; работнікам, занятым на будаўніцтве, рэканструкцыі, тэхнічным пераўзбраенні і капітальным рамонце метрапалітэнаў, тунэляў і іншых падземных збудаванняў; работнікам арганізацый Рэспублікі Беларусь, накіраваных на работу ў краіны з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі; работнікам лабараторый дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя» Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; работнікам, занятым у лясной гаспадарцы; работнікам дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь», установы «Беларускі дзяржаўны музычны тэатр».

Працягласць дадатковага водпуску, які належыць работніку, прапарцыйна адпрацаванаму часу разлічваецца па нормах артыкула 177 Працоўнага кодэкса.

Напрыклад, работніку з 04.08.2014 прадастаўляецца працоўны водпуск за працоўны год з 30.12.2013 па 29.12.2014. Умовы працы работніка па выніках атэстацыі адпавядаюць класу 3.1. Па выніках атэстацыі ён мае права на дадатковы водпуск за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы працягласцю 4 каляндарныя дні. Перыяд часовай непрацаздольнасці з 29.12.2013 па 01.08.2014 (да моманту сыходу ў адпачынак) склаў 20 каляндарных дзён, перыяд часовага пераводу ў сувязі з вытворчай неабходнасцю (артыкул 33 Працоўнага кодэкса) - 15 каляндарных дзён.

Такім чынам, 35 каляндарных дзён будуць выключацца з колькасці каляндарных дзён, якія выкарыстоўваюцца для разліку дадатковага водпуску за працу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы.

За перыяд з 30.12.2013 па 03.08.2014 работнік адпрацаваў 183 (218-35) каляндарныя дні.

Разлік адпрацаваных ў працоўным годзе поўных месяцаў робіцца наступным чынам:

183 : 29,7 (сярэднямесячная колькасць каляндарных дзён) = 6,16, што складае, з улікам акруглення, 6 поўных месяцаў.

Лік каляндарных дзён дадатковага водпуску, які прыпадае на 1 месяц (04:12), складзе 0,33.

Лік дзён дадатковага водпуску складзе 2 дні (0,33 × 6).

Пастанова № 679 прадугледжвае магчымасць прадастаўлення работніку дадатковага водпуску авансам цалкам, калі асноўны водпуск прадастаўляецца авансам цалкам.

Як вынікае з выкладзенага, гаворка ідзе аб праве наймальніка пры прадастаўленні працоўнага водпуску авансам самастойна вызначаць, у якім аб'ёме (цалкам або прапарцыянальна адпрацаванаму часу) будзе прадастаўляцца дадатковы водпуск. Пры гэтым наймальнік мае права замацаваць дадзенае становішча ў лакальным нарматыўным прававым акце (напрыклад, у калектыўным дагаворы).

У выпадку прыняцця наймальнікам рашэння аб прадастаўленні дадатковага водпуску авансам, пастанова № 679 вызначыла, што калі сума перыядаў (дзён), што ўключаюцца ў працоўны год, за які дадатковы водпуск прадастаўлены авансам, менш 12 каляндарных месяцаў, у наступным працоўным годзе сума перыядаў, якiя ўключаюцца ў працоўны год, за які прадастаўляецца дадатковы водпуск, памяншаецца на адпаведную колькасць каляндарных дзён.